Дзейнасць Мінскага хаба

Міжнародны вопыт маладых прафесіяналаў на карысць грамадству – місія Мінскага хаба Global Shapers. Мы падтрымліваем уцягненне Беларусі ў рэгіянальныя і глабальныя працэсы развіцця ды імкнемся палепшыць рэпутацыю краіны ў міжнародной супольнасці. Мінскі хаб бачыць адукаваную моладзь рухавіком станоўчых пераменаў у краіне.

З моманту заснавання ў 2015 годзе, Мінскі хаб збудаваў партнёрскія сувязі ўнутры краіны і па-за яе межамі, распрацаваў стратэгію дзейнасці і шэраг канцэптаў сацыяльных праектаў. Наш важны прыярытэт – падтрымка адукацыйных праграмаў для беларускай моладзі ў сферы прадпрымальніцтва і нефармальнай адукацыі. Мінскі хаб Global Shapers дапамог правесці ў Беларусі першы моладзевы трэнінг з удзелам еўрапейскай моладзі ў рамках праграмы Эразмус+. Мінскі хаб мае таксама намер спрыяць дыскусіі паміж дзелавой і грамадзянскай супольнасцям ды палітычнай элітай краіны.

У студзені 2016 года прадстаўнік  хаба Дзяніс Кольга прыняў удзел у Давоскай штогадовай сустрэчы Сусветнага эканамічнага форума (СЭФ). У рамках паездкі Мінскі хаб выступіў з прапановай стварыць у Беларусі пастаянную пляцоўку па развязанні канфліктаў на пост-савецкай прасторы. Эсэ, падрыхтаванае камандай Мінскага хаба на гэтую тэму, разам з 11 тэкстамі прадстаўнікоў іншых краін свету, было апублікаванае ў спецыяльнай брашуры для 2,5 тысяч удзельнікаў Давоса-2016 і размешчанае на сайце СЭФ.

Прадстаўнікі Мінскага хаба бяруць удзел у найважнейшых міжнародных і рэгіянальных сустрэчах Супольнасці Global Shapers: Shape Europe 2015 (Вільня), Shape Eurasia 2015 (Бішкек), Shape Eurasia 2016 (Казань), Штогадовыя з’езды куратараў хабаў (Жэнева).